- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Той дзень быў ціхі, хмурны, сухі і цёплы. Стаяў верасень месяц. І даўно гэта было. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Ішла вайна з немцамі 1914–1918 гадоў. Усе мы былі або малыя, або самыя зялёныя падросткі. Асенні дзень ужо хіліўся да вечара свайго. Мы былі ў полі. Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучвацца да плуга і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да молата і кавадла. Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкае і вялікае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой ішоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзіла да нас, і, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, сталася так, што дзесяцігоднія дзяўчаткі жалі жыта, дванаццацігоднія хлапчукі аралі як мае быць, а пятнаццацігоднія самі вялі гаспадарку, кармілі сем’і працай сваіх рук, ведалі, дзе, што і як сеяць, умелі зрабіць новы панарад і драбіны і давалі слушныя заўвагі кавалю, калі той не так як трэба нацягваў шыну на кола. Шаснаццацігоднія хлопцы хадзілі па пілоўцы, а семнаццацігоднія пачыналі пераймаць цяслярства. (фрагмент)