- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Які-небыць тыдзень можа шмат чаго зьмяніць у самаадчуваньні грамадзтва. Менавіта так адбылося ў Беларусі пасьля чарговых зманіпуляваных прэзыдэнцкіх “выбараў” 2006 г. У знак нязгоды некалькі тысячаў чалавек выйшла на цэнтральную плошчу Менска і засталіся там. “Апоўначы яны занялі частку Беларусі, каля 50 квадратных ярдаў. Гэта была краіна ў краіне. Яны танчылі на яе халодных камянях. Яны раздавалі гарбату. Яны казалі, што не здадуцца” – такімі словамі карэспандэнт “Нью-Ёрк Таймз” апісваў свае ўражаньні ад менскага сакавіка 2006 г. Вось жа пераважна з рэакцыі прэсы на тыя падзеі і складаецца кніга, падрыхтаваная Беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. Гэта рэпартажы і аналітычныя матэрыялы, сьведчаньні непасрэдных удзельнікаў і інтэрв’ю палітыкаў. Як казаў адзін з пратэстоўцаў, “маральна ўсе людзі. Якія ішлі на плошчу 19 сакавіка, былі гатовыя да самага горшага”. Падзеі ў кнізе пададзены па-хранікёрску строга храналягічна – па днях існаваньня самога намётавага мястэчка, а таксама асобныя раздзелы пра Дзень Волі, пра пэрыяд зьняволеньня, з рэфлексыямі ўдзельнікаў (“Па-за этэрам”). Сапраўднае ўпрыгожаньне кнігі – эмацыйныя і адначасова дакумэнтальныя фотаздымкі. Мінае час, дэталі сьціраюцца з памяці, але ў сведчаньнях жывых удзельнікаў знаходзіш новыя акцэнты і новыя жаданьні.