«ПіК Свабоды». Адкуль бяруцца новыя чытачы беларускіх кніг. Спэцвыпуск «Людзі Свабоды» 2024 году
2024-12-16 20:30
Беларускія кнігавыдаўцы сталі «Людзьмі Свабоды» 2024 году. Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую сымбалічную ўзнагароду тым людзям, якія пашыраюць межы свабоды для сябе, Беларусі і сьвету.
Пра кнігавыдавецкую справу ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм», перакладчыца і пісьменьніца Алена Казлова.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты гутаркі.
Нягледзячы на ўсе гутаркі пра тое, што электронная кніга патрэбная і мы хочам электронную кнігу, іх не купляюць у той ступені, якая б дазволіла выжываць беларускім выдавецтвам. Калі вядуцца гутаркі пра электронную кнігу, часта маецца на ўвазе, што чытач хоча атрымаць гэтую кнігу бясплатна. Але калі кніга будзе бясплатнай, гэта значыць, што выдавецтва ня зможа ніяк кампэнсаваць свае выдаткі на выраб гэтай кнігі.
Я ня бачыла такога фэномэну, што калі выходзіць электронная кніга, людзі пачынаюць пра яе гаварыць. У мяне такое ўражаньне, што людзі ўспрымаюць сур’ёзна, толькі калі кніга выйшла ў папяровай форме. І тады пачынаецца нейкая дыскусія, нейкая размовы пра гэтую кнігу і сур’ёзнае стаўленьне да аўтара.
Мне падаецца, што ёсьць вялікі патэнцыял для росту сярод аўдыторыі беларускамоўных кніг, Беларусаў, калі ўзяць з дыяспарамі, павінна быць пад 10 мільёнаў у сьвеце. Я думаю, што ўвесь час сярод гэтых мільёнаў чытачоў будуць знаходзіцца новыя, у тым ліку яны падрастаюць, і ёсьць моладзь, якая чытае па-беларуску і вучыць беларускую мову.
Я бачу, што зьяўляецца моладзь, якая раптам гаворыць на някепскай беларускай мове, здымае тыктокі і гэтак далей. І я веру ў тое, што моладзь мае свой патэнцыял, як бы на яе ні наракалі. Сярод іх, вядома ж, знойдзецца і нашая чытацкая аўдыторыя.
Я лічу буйной і вельмі важнай падзеяй адкрыцьцё сёлета ў Варшаве кнігарні «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч». Я была ўражаная жыцьцяздольнасьцю беларускіх кнігагандляроў і выдаўцоў, калі я пераехала ў Літву ў пэўны момант. Там ужо была створаная сыстэма распаўсюду кніг, куды мы, працуючы як выдавецтва, маглі аддаць на продаж свае кнігі. І ня толькі беларускія кнігарні ўзялі іх на распаўсюд, але напрыклад, літоўская кнігарня «Эўрыка» знайшла месца для беларускіх кніг.
Я вельмі ўдзячная
Андрэю Янушкевічу за тое, што ён робіць. Праз выданьне бэстсэлераў, праз продажы гэтых бэстсэлераў ён напрацоўвае шляхі, па якіх пройдуць потым і іншыя аўтары, іншыя выдавецтвы, каб дайсьці да беларускіх чытачоў па ўсім сьвеце.