ПЭН-клуб прадставіў пераклады вершаў паэта Варшаўскага гета на беларускую мову
2023-04-25 21:42
Творчасць Уладзіслава Шленгеля была прэзентаваная падчас першай сустрэчы з цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура».
Польскі ПЭН-клуб (Pen Club) падрыхтаваў серыю мерапрыемстваў з цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура». Праграма прадбачвае некалькі сустрэч, падчас якіх плануецца закрануць розныя аспекты літаратурнай творчасці.
Першая вечарына адбылася ў панядзелак, 24 красавіка. Яна была прысвечана перакладам вершаў польскага паэта габрэйскага паходжання Уладзіслава Шленгеля на беларускую мову.
Нават у Польшчы
Уладзіслава Шленгеля (Władysław Szlengel) называюць «poeta nieznany» – невядомы паэт. Яго творчасць даследуюць амаль выключна ў вузкіх колах літаратараў, якія займаюцца паэзіяй міжваеннай Польшчы і творчасцю паэтаў, якія пісалі ў часы Другой сусветнай вайны. Шкада, паколькі вершы гэтага чалавека, які маладым пайшоў з жыцця, заслугоўваюць значна шырэйшай увагі.
І менавіта творчасць Шленгеля была прадстаўленая падчас першай сустрэчы з цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура». Тыя страшныя выпрабаванні, праз якія прайшоў паэт, можна ў нейкім сэнсе параўноўваць з пакутамі тысяч беларусаў сёння, якія сядзяць у турмах, якія не па сваёй віне страцілі свабоду. Нялёгкія часы перажывае сёння таксама беларуская мова. А пераклады ўмацоўваюць тую мову, на якую перакладаюць дадзеныя творы.
У Польшчы цяпер адзначачаюць 80-ую гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета. Таму цыкл пачынаецца з гутаркі пра творчасць паэта, якому прыйшлося жыць у трагічныя, жахлівыя часы. Тым не менш, ён запісваў сведчанні гэтых жахаў у сваіх вершах, якія часам могуць здавацца лёгкімі, нават жартаўлівымі. Лёс надзяліў яго вялікім цяжарам – стаць летапісцам гібелі жыхароў гета.
Шленгель быў вядомы перад вайной як аўтар сатырычных твораў, і нават у страшныя ваенныя часы ён змог выкарыстаць свой талент апісваць рэчаіснасць навокал, – кажа журналістка, член ПЭН-клубу
Яанна Швэдоўска (Joanna Szwedowska).
- Гэты свой талент пісаць лёгкія, сатырычныя тэксты ён выкарыстоўваў падчас самых жахлівых месяцаў жыцця ў гета. Ён быў ініцыятарам і аўтарам кабарэ-кавярні «Sztuka» («Мастацтва»). Можа здавацца, што немагчыма бавіцца, калі навокал адбываюцца такія страшныя рэчы. Але сатыра дапамагала людзям выжыць. Гэтая кавярня загінула разам з жыхарамі гета. Засталося крыху тэкстаў. Вершы Шленгеля – гэта хроніка жыцця і рэаліяў. І гэта выдатна.
Вершы Уладзіслава Шленгеля пераклала на беларускую мову
Кацярына Маціеўская. Падчас сустрэчы прагучалі некаторыя творы як у арыгінале ў выкананні Лукаша Баркоўскага, так і ў перакладзе, якія чытала аўтарка беларускай версіі. Перакладчыца адзначыла, што для яе самой паэзія Шленгеля зусім нядаўна стала нечаканым адкрыццём.
- Я пачула пра гэтага паэта падчас экскурсіі па Варшаве. Экскурсавод пералічваў прозвішчы і назваў Шленгеля адным з самых вядомых паэтаў гета. Я зацікавілася гэтым, паколькі мяне даўно цікавіць памежны досвед – людзей перад тварам смерці, напрыклад, я перакладала творчасць Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Калі я прачытала вершы, я зразумела, што гэта адзін з тых паэтаў, якіх я хацела б бачыць па-беларуску. Шленгель – унікальны паэт. Калі чалавек сустракаецца з такімі экзістэнцыйнымі перажываннямі, яму як правіла патрэбная вялікая часовая дыстанцыя, каб іх апісаць – хаця б некалькі гадоў. Таму менавіта вершы, напісаныя «па гарачых слядах» не маюць мастацкай вартасці. А вершы Шленгеля маюць велізарную мастацкую вартасць.
Паэт, які апісваў генацыд жыхароў Габрэйскага гета ў Варшаве, сам загінуў падчас паўстання ў гета. Але творчасць засталася. Вершы
Уладзіслава Шленгеля сталі адкрыццём і для некаторых беларусаў, якія прыйшлі на вечарыну.
- Я трохі цікаўлюся паэзіяй, але гэты паэт – безумоўнае адкрыццё. Вельмі моцнае ўражанне. Шленгель – геніяльны паэт. Тыя некалькі вершаў, якія я сёння пачуў – гэта шок, знаёмства з паэтычным геніем. А Кацярыне Маціеўскай удалося перадаць інтанацыю, гук, дыханне гэтага паэта.
Здавалася б, калі табе ў вочы зазірае смерць, то паэзія – гэта апошняе, пра што думае чалавек. Аднак гэта не так. Па словах
Кацярыны Маціеўскай, у гета было шмат творчасці.
- Габрэйскі гісторык Эмануэль Рынгельблюм, які таксама жыў у гета, казаў, што ў гета пісалі ўсе, нават тыя, хто ў іншай сітуацыя ніколі не ўзяўся б за пяро. Яны хацелі запісаць усё, людзі адчуваюць сябе лепш, калі могуць нешта назваць.
Прэзентацыя перакладаў творчасці Шленгеля адбылася ў рамках цыклу сустрэч, прысвечаных беларускай літаратуры, якія ладзіць польскі ПЭН-клуб у супрацы з беларускім ПЭН-клубам. Арганізатары праекту намераныя прадставіць шырэйшы агляд сітуацыі беларускай літаратуры, а таксама пераклады на беларускую мову, – гаворыць генеральны сакратар польскага ПЭН-клубу
Магда Хейдэль (Magda Heydel).
- Мы назіраем за беспрэцэдэнтнай расправай над беларускай культурай, якая адбываецца за нашай усходняй мяжой пад уладай рэжыму Лукашэнкі. Да чытачоў даходзіць мала інфармацыі пра беларускую літаратуру, тым часам яна дынамічна развіваецца, ёсць выдатныя аўтары. І мы вельмі хацелі б, каб пісьменнікі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, маглі свабодна сустракацца і дзяліцца сваімі думкамі.
У рамках цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура» у бліжэйшыя месяцы ПЭН-клуб плануе зладзіць таксама дыскусіі на тэму праблем беларускіх выдавецтваў, творчасці Васіля Быкава і цэнзуры ў Беларусі.
нг