- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
18 мая 2021 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заблакавала найбуйнейшы ў краіне незалежны інфармацыйны партал TUT.BY.
Знішчаецца адна з найважнейшых крыніц дакладнай і своечасовай інфармацыі пра значныя падзеі і жыццё ў Беларусі.
З самай раніцы і да позняга вечара ў цэнтральным і рэгіянальных офісах TUT.BY па ўсёй краіне адбываліся ператрусы, канфіскаваная тэхніка і дакументы. З супрацоўнікамі праведзеныя «гутаркі», з іх узятыя абавязацельствы аб неразгалошванні інфармацыі.
Наколькі вядома з неафіцыйных крыніц, прынамсі 11 супрацоўнікаў TUT.BY затрыманыя. Сярод іх: галоўная рэдактарка Марына Золатава; генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна; галоўная бухгалтарка Анжэла Асад; намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка; рэдактарка Вольга Лойка; журналістка Алена Талкачова; галоўная інжынерка Ала Лапатка, юрыстка Кацярына Ткачэнка, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандар Дайнека, менеджар Андрэй Аўдзееў.
Юлія Чарняўская, удава заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера, культуролаг, драматург, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, пад канвоем дастаўленая ў лякарню; як паведамляюць СМІ, яна перанесла гіпертанічны крыз. На працягу цэлага дня яе сваякі не маюць магчымасці з ёй звязацца, яе тэлефон маўчыць, пра яе месцазнаходжанне нічога не вядома.
Святлана Алексіевіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра:
«Спачатку ўлада баялася дзяўчат у белым з кветкамі – і іх арыштоўвалі. Цяпер прыйшоў час арыштоўваць слова. Відавочна, што ўлада мае план знішчэння ўсёй свабодалюбнай часткі грамадства і ў нас няма іншага выйсця як аб’яднацца. Можа, у кагосьці засталіся ілюзіі, што можна выжыць у адзіночку, але гэта не так: нам усім разам трэба мірна супрацьстаяць, інакш нас знішчаць».
Мы падкрэсліваем, што падзеі, якія разгортваюцца вакол інфармацыйнага парталу TUT.BY, – гэта безумоўны працяг масіраванай атакі на незалежныя СМІ ў Беларусі, пік якой прыпадае на перыяд грамадска-палітычнага крызісу на фоне электаральнай кампаніі 2020 па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Нармальная дзейнасць TUT.BY па стане на сёння істотна ўскладненая дзеяннямі дзяржаўных органаў улады і кіравання. Мы выказваем шчырую падтрымку ў гэтыя цяжкія дні ўсім, хто апынуўся «пад ударам»: усім, хто многія гады робіць TUT.BY унікальнай і паважанай крыніцай атрымання інфармацыі, развівае дыскусію вакол складаных сацыяльных праблем, імкнецца да адказнай і якаснай журналістыкі, кажа адкрыта і максімальна нейтральна, не пакідаючы складаныя тэмы ў баку, не хаваючыся за забароны «па змаўчанні», дае магчымасць быць інфармаваным, задумацца над тым, што адбываецца, без хлусні і прапаганды.
Мы застаемся вашымі чытачамі, сябрамі, калегамі, суграмадзянамі!
Прыміце нашае глыбокае шанаванне і шчырую падтрымку!
Мы таксама перакананыя, што спробы расправы над незалежнымі СМІ і грамадзянскай супольнасцю згубныя для выхаду з грамадска-палітычнага крызісу, развіцця незалежнай Беларусі.
19 траўня 2020 года
Мінск, Беларусь