Агучаны прысуд журналісту Паўлу Мажэйку і адвакату Юліі Юргілевіч. Па шэсць гадоў калоніі кожнаму, прычым Паўлу – узмоцненага рэжыму.
У справе двух палітзняволеных разглядалі два эпізоды за 2022 год. Нібыта Юлія распавяла ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і аб прысудзе Алесю Пушкіну. Пракурор кажа, што Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсата», які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем – у нявызначаны час, нявызначаным спосабам, праз нявызначаных асоб.
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч не прызналі сваю віну, падчас следства яны адмовіліся ад дачы паказанняў. Ірына Чарняўка кажа, што Павел будзе абскарджваць прысуд. Справу разглядаў Гарадзенскі абласны суд, суддзя – Максім Філатаў.
У нашым эфіры пабывала Ірына Чарняўка, жонка Паўла Мажэйкі, якая пракаментавала несправядлівы прысуд:
– Гэта быў чаканы прысуд. Калі пракурор абвесціў 6 год аднаму і другому яшчэ 14 чысла, то ў беларускай практыцы за апошні час мне не ўзгадваецца, каб суддзя даваў тэрмін меншы, чым просіць пракурор. У выпадку Івашына даў нават больш. А па гэтым артыкуле максімум 7 год, так што далі па 6.
РР: Юлія Юргілевіч нібыта расказала ў тэлефоннай размове Паўлу Мажэйку пра сваё звальненне з адвакатуры, пра вырак Алесю Пушкіну. А Павел Мажэйка нібыта размясціў гэтую інфармацыю на старонцы Белсату. Пры тым невядома калі размясціў, невядома якім спосабам, і невядома з дапамогай каго. Доказаў нуль.
Так. У іх сутнасці справы ёсць 2 званкі, прычым каб было зразумела, там не чуваць суразмоўцы. Там ёсць званок Юліі, і ў білінгу тэлефонных размоў няма тых званкоў. То бок як былі запісаныя размовы, у якіх нібыта Юлія перадае інфармацыю пра звальненне з калегіі адвакатаў, а ў другім выпадку распавядае пра тое, колькі далі Пушкіну, прычым і тое і тое – адкрытая інфармацыя, – невядома. Самае цікавае, што ў выпадку другога званка вядома, што артыкул на Белсаце з’явіўся раней, чым паводле іх саміх адбыўся гэты званок. Званок пасля артыкулу. Павел яшчэ не ведаў пра прысуд Пушкіну, а ўжо размясціў матэрыялы на Белсаце. Прысуд адбыўся, артыкул ужо быў апублікаваны. Пасля нібыта быў гэты званок ад Юліі да Паўла. Нават храналагічна ў іх не атрымліваецца звязаць гэтыя два няшчасныя доказы, Пры ўсім пералічаным – гэта дадзеныя адкрытага працэсу. Я тут не расказваю ніякіх сакрэтаў. Яны ўсё прабавалі зразумець, як жа ім нацягнуць хоць бы другі доказ. І яны прыйшлі да высновы, што ў Беларусі і Польшчы розны час, Белсат выстаўляецца з Польшчы, значыцца ён быў выстаўлены раней. Хаця размова вядзецца пра беларускі час. Карацей кажучы, сістэма доказаў такая – 9 месяцаў іх мурыжылі падчас следства, і ўсё што яны назбіралі – толькі гэта. Так. Гэта „юрыдычны” дакумент, на падставе якога дзве асобы ўжо правялі па годзе за кратамі, і правядуць там найбліжэйшыя 5 год. Гэта паводле дакументу, у якім у нявызначаным спосабам, у нявызначаны час, у нявызначаным коле асобаў распаўсюдзілі інфармацыю пры дапамозе нявызначаных сродкаў.
Беларускае Радыё Рацыя