Патрабуем спыніць пераслед Паўла Севярынца: заява СБП і Згуртавання
2020-06-19 20:07
18 чэрвеня адбыўся новы адміністрацыйны працэс над сябрам Рады ЗБС "Бацькаўшчына" і сябрам ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Паўлам Севярынцам.
Прысудам грамадскаму дзеячу і пісьменніку стаў новы тэрмін адміністратыўнага пакарання. Сумарна, у выніку некалькіх судовых паседжанняў, Павел Севярынец прыгавораны да 90 сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
Падставай для такога неапраўдана суворага пакарання стаў удзел Паўла Севярынца ў дазволеным пікеце па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, на якім ён быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак арышту з адбываннем у Ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) па адрасе 1-шы завулак Акрэсціна, 36а, дзе знаходзіцца дагэтуль.
З паведамленняў сродкаў масавай інфармацыі, куды звярнуліся грамадзяне, якія адбывалі пакаранне ў ІЧУ ў той самы час, што і Павел Севярынец, вынікала, што за з’яўленнем у ізалятары асуджаных па палітычных матывах грамадзянаў і Паўла Севярынца ў прыватнасці, вязні гэтай установы пачалі штодзённа сутыкацца з беспрэцэдэнтнымі парушэннямі правоў, псіхалагічным ціскам і катаваннямі, сярод якіх поўная забарона на перадачы з сродкамі асабістай гігіены, пазбаўленне спальнай бялізны і матрасаў, змяншэнне часу перабывання на свежым паветры, канфіскацыя сродкаў для пісьма і друкаванай прадукцыі, заліванне камераў вадой з хлоркай, знявага і ўжыванне абразаў у дачыненні да арыштаваных, ужыванне фізічнага гвалту і пазбаўленне сну.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру „Вясна“, у часе чарговага судовага пасяджэння, якое адбылася праз Skype ў судзе Фрунзенскага раёна 18 чэрвеня, стала вядома, што Павел Севярынец апошнія 10 дзён знаходзіўся ў карцэры без доступу да пітной вады і без асабістых рэчаў, якія ў яго былі папярэдне сканфіскаваныя.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" расцэньваюць гэтыя дзеянні як грубае парушэнне асноўных прынцыпаў нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права. Нечалавечыя ўмовы ўмовы ўтрымання Паўла Севярынца і іншых вязняў наўпрост парушаюць Артыкул 23 Канстытуцыі РБ: "Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню", а таксама арт. 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятых Рэспублікай Беларусь, як краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Патрабуем спыніць пераслед грамадскага дзеяча і пісьменніка Паўла Севярынца, вызваліць яго з-пад варты і зняць несправядлівыя абвінавачванні.
Мы заклікаем улады краіны неадкладна ініцыяваць службовае расследаванне ў дачыненні супрацоўнікаў Ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканакама, якія дапусцілі злоўжыванні сваімі паўнамоцтвамі і найстражэйшым чынам пакараць вінаватых
Рада МГА ЗБС "Бацькаўшчына"
Рада ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"