Па інфармацыі «Нашай
Нівы», выйшаў на свабоду заснавальнік выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў
Багдановіч. Адпусцілі і яго дачку Вікторыю. Выйшаў на свабоду і
75‑гадовы ветэран выдавецкай справы Зміцер Санько.
Зняволеным застаецца выбітны перакладчык і выдавец
Зміцер Колас.
Імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Па нашай
інфармацыі, яму выставілі абвінавачванне па артыкуле 361‑3 КК —
кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем. Чаму найгоршая доля выпала
менавіта Коласу, пакуль незразумела.
У
той жа час адміністрацыйным арыштам абмежавалася ўсё ў выпадку Андрэя
Кіма — іншага выбітнага дзеяча культуры, якога затрымлівалі адначасова з
кнігавыдаўцамі, але хіба што па іншай лініі.
Вызваленні
вызваленнямі, але фігуранты справы паралізаваныя падпіскамі і
статусамі. Незалежная выдавецкая дзейнасць унутры Беларусі зведзеная
амаль да нуля.
Больш
за тое, як высветлілася, цягам лютага і сакавіка ператрусы прайшлі ў
некалькіх іншых беларускіх дзеячоў інтэлігенцыі, ветэранаў культуры. У
Мінску ходзяць размовы, што іх пры гэтым збівалі, зневажалі, у іх
канфіскоўвалі кнігі з асабістых бібліятэк.
Зміцер Колас — выбітная постаць у сучасным беларускім кнігавыданні і беларускай культуры ўвогуле.
Ён
нарадзіўся ў Мінску ў 1956 годзе ў сям’і гісторыка культуры,
літаратурнага і тэатральнага крытыка, аўтара кніг пра беларускіх
класікаў Георгія Коласа. Яго брат Уладзімір Колас — кінарэжысёр, педагог
і шматгадовы дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
Зміцер
Колас скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута
замежных моў. Пасля вучобы некалькі гадоў працаваў паводле кантракту ў
Алжыры і Сірыі, у якіх Савецкі Саюз у тыя часы рэалізоўваў шматлікія
эканамічныя праекты. Вярнуўшыся ў Мінск, выкладаў у тым самым інстытуце,
дзе сам калісьці вучыўся, — вучыў студэнтаў мастацкаму перакладу.
У
1980‑я ён першым зрабіў геніяльныя па сваёй якасці і сіле пераклады на
беларускую мову Камю, Сартра, Іанеска — аўтараў, якія былі сугучныя
тагачаснай атмасферы ў Беларусі.
З
канца 1980‑х гадоў Зміцер Колас усё больш звязваў сваё жыццё з
выдавецкай справай. Ён выдаваў літаратуру для школьнікаў у Беларускім
гуманітарным ліцэі. Пасля стаў галоўным рэдактарам прыватнага выдавецтва
«Энцыклапедыкс». А пазней стварыў уласнае выдавецтва, якое насіла яго
імя.
Выдавецтва «Зміцер
Колас» спецыялізавалася на перакладах на беларускую мову сусветнай
літаратуры — паэзіі, прозы і драматургіі. Асаблівую вядомасць атрымала
серыя «Паэты планеты», у якой выходзілі пераклады паэтаў з розных краін
свету. Усяго ў гэтай калекцыі выйшла больш за 100 кніг.
У
выдавецтве выходзілі і іншыя інтэлектуальныя тэксты — філасофія,
гуманітарныя даследаванні, літаратуразнаўства. Яно выдала Альбера Камю,
Жана-Поля Сартра, Франсуа Рабле, Шарля Бадлера, Рэнэ Дэкарта і іншых
аўтараў.
Нагадаем, што 3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваннем»
прызналі
«кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», Lohvinau
Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. Адпаведнае рашэнне
прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Гэтае рашэнне стала працягам масавых
затрыманняў
выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, якія адбыліся ў лютым. Усіх
затрыманых спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах,
складзеных, як звычайна цяпер, з надуманых падстаў.
У
спісе людзей, якіх улады лічаць звязанымі з гэтай «кааліцыяй», —
вядомыя ў кніжным асяроддзі імёны. Таксама ў пералік уключылі сайты і
сацыяльныя сеткі выдавецтваў.
Арыштоўвалі тых, каго аднеслі да дзейнасці кааліцыі.