У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі былі ўвязьненыя больш за 1100
чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.
19
сакавіка вызвалілі 250 чалавек. Дзяржаўныя СМІ назвалі гэта вызваленьнем
паводле прынцыпу гуманізму, які праявіў Лукашэнка. Вядома, што 15 зь іх
вывезьлі з краіны, 235 застануцца ў Беларусі. Пра гэта паведамілі ў
амбасадзе ЗША ў Вільні, перадае Reuters.
«Сёньняшняе вызваленьне
250 чалавек — гэта важны гуманітарны этап і сьведчаньне прыхільнасьці
прэзыдэнта да прамой, жорсткай дыпляматыі. Свабода — наша мэта. Мы
выказваем глыбокую ўдзячнасьць нашым літоўскім партнэрам за іх ключавую
ролю ў гэтай місіі», — напісаў Джон Коўл, апублікаваўшы фота зь літоўска-беларускай мяжы.
Праваабаронцы-вясноўцы адкрылі гарачую лініі для сваякоў вызваленых
палітзьняволеных, яна працуе праз Тэлеграм пад адрасам @hotline202512.
Сярод вызваленых многія вядомыя асобы. У тым ліку:
Кацярына Бахвалава (Андрэева)
— журналістка тэлеканалу «Белсат». У 2021 годзе Кацярына атрымала 2
гады за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі
новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» — і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і
3 месяцы.
Кірыла Казей — жыхар Менску. Да
затрыманьня працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку.
Жанаты, мае дзяцей 7 і 10 гадоў. Асуджаны на 7 гадоў за тое, што ў групе
зь некалькіх чалавек прыйшоў пашкодзіць машыну кіроўцу BMW, які біў на
вуліцы мужчыну з нацыянальным сьцягам. Пры асабістым вобшуку ў Казея, як
падавала прапаганда, сканфіскавалі пнэўматычны пісталет бяз куляў і
балёну, а на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля нібыта знайшлі
сьцягі, улёткі, фаервэркі, лязэрныя ўказкі, ручную гранату і 58
патронаў.
Аляксандар Казьлянка — асуджаны на 7,5
году сябра Свабоднага прафсаюзу зь Берасьця. Праходзіў у справе
«Рэвалюцыйнага дзеяньня» — берасьцейскіх анархістаў, якіх судзілі за
ўдзел у пратэстах і «ў злачыннай арганізацыі».
Дзьмітры Кубараў — UX/UI дызайнэр, затрыманы ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Асуджаны на 8 гадоў.
Мікалай Куляшоў
— былы мытнік, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
«Грамада». Асуджаны на 5 гадоў за «стварэньне экстрэмісцкага
фармаваньня», «крадзеж дакумэнтаў» і «незаконнае перасячэньне мяжы».
Наста Лойка —
праваабаронца, сяброўка Праваабарончага цэнтру «Вясна», асуджаная на 7
гадоў нібыта за «распальваньне варожасьці або звады». Таксама вызваленыя
іншыя праваабаронцы, Марфа Рабкова і Валянцін Стэфановіч. Рабкова была за кратамі зь верасня 2020 году, Стэфановіч — зь ліпеня 2021 году, Наста Лойка з кастрычніка 2022 году.
Сяргей Маўшук — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году, асуджаны за гэта на 6,5 году.
Эдуард Пальчыс
— вядомы палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, грамадзкі
дзеяч. Быў арганізатарам акцыяў і канцэртаў «БНР-100», «БНР-101».
Асуджаны на 13 гадоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за
«арганізацыю масавых беспарадкаў», «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў,
што груба парушаюць грамадзкі парадак», «заклікі да дзеяньняў на
прычыненьне шкоды Рэспубліцы Беларусь» і «распальваньне варожасьці або
звады».
Мікіта Залатароў — хворы на эпілепсію,
трапіў на «строгі рэжым» пасьля дадатковай справы пра напад на
турэмнікаў ужо за кратамі. Агулам асуджаны на 4,5 году турмы, адпраўлены
пад арышт яшчэ падлеткам. Адным з трох артыкулаў, паводле якіх судзілі
Залатарова, былі «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай
зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
Алег Супрунюк
— вядомы берасьцейскі журналіст, які мае інваліднасьць у слыху. Яго
асудзілі паводле абвінавачваньня ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні»
на 3 гады калёніі.