Пасля імклівай хваробы памёр 44‑гадовы кнігар і кніганоша Раман Цымбераў
2026-02-10 22:04
Пяць дзён таму яму раптоўна стала кепска, з’явіліся праблемы з ныркамі. Пасля здарыўся інсульт. Яго перавялі ў рэанімацыю, але не ўратавалі.
Раман Цымбераў нарадзіўся 8 чэрвеня 1981 года ў Ейску Краснадарскага краю Расіі.
У Беларусі ён працаваў выкладчыкам у каледжы і ўніверсітэце.
Яшчэ ў 2001 годзе стаў індывідуальным прадпрымальнікам у кніжным гандлі. Ён выдаваў як мастацкую літаратуру, так і нон-фікшн. Яго крама і стэнды на кніжных выставах былі культавымі.
У 2024‑м ён, як і сотні тысяч іншых людзей, прайшоў праз затрыманне — у яго выпадку, на мяжы.
Яго раптоўная смерць — вялікі ўдар для беларускай культуры і мінскай грамадскай прасторы.
«Памёр мой выдавец і сябра Раман Цымбераў. Гэта балюча. Апошнім разам мы пілі з ім сок у кавярні на вуліцы Каральковай, абедалі ў Бардо разам з ягонай пекнай дачкою і думалі сустрэцца ў найбліжэйшы час. Нічога я ў гэтым жыцці не разумею», — з горыччу напісала пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец).
«Многія бачылі, якія валізы кніжак цягаў на сабе гэты невысочанькі добры чалавек. Я думаю, гэта дзяржава Беларусь жарэ людзей. Жэрці людзей, калі рассмакавацца, цяжка спыніцца», — напісала паэтка Сабіна Брыло.
«Вялізная страта для беларускай кнігі, прорва, якую невядома як і калі і ці наогул удасца запоўніць. Такі час, што нават у некралогу не скажаш усяго, за што цэніш чалавека, пра ягоны даробак. Але прыйдзе яшчэ час расказаць пра ўсе дасягненні кніганошы Рамана», — адзначае старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
«Раман — ціхі, сціплы добры чалавек. Патраціў здароўе і сілы, возячы тоны кніг па нашым беспрытуллі і бесчасоўі. Хай яму недзе там будзе добра і лёгка», — напісаў у фэйсбуку перакладчык і выдавец Сяргей Шупа.