Партрэт Паўла Мажэйкі
2023-07-26 21:52
Без асобы Паўла Мажэйкі не магчыма ўявіць сабе культурны і грамадскі ландшафт Горадні. За што ж рэжым Лукашэнкі кіруе Паўла за краты?
«Мая рэлігія – беларушчына», – кажа Павел. Мы з ім знаёмыя ўжо дваццаць гадоў. За што б ні браўся мой сябра, ён усё робіць максімальна эфектыўна. Будзь то журналістыка ці грамадскі альбо культурны актывізм.
Бліжэйшы па часе, але спадзяюся не апошні, праект Паўла Мажэйкі – «Цэнтр гарадскога жыцця» у Горадні.
У гэтым цэнтры і я выступаў са сваёй кнігай «Каларадская пушча». Там адбылося шмат імпрэзаў культурнай і агульнаграмадскай скіраванасці.
31 жніўня 2022 году Паўла Мажэйку затрымалі. Папярэдне 26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу на Паўла Мажэйку, а таксама на мастака Алеся Пушкіна за партрэт Яўгена Жыхара, выстаўлены ў «Цэнтры гарадскога жыцця». З фармулёўкай за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму».
У чым нацызм? У дзейнасці Яўгена Жыхара, які ў 1946-54 гадах вёў актыўную антысавецкую дзейнасць са зброяй у руках. Прынцыпова змагаўся з камуністамі за незалежную Беларусь. Тады шмат хто верыў, што варта толькі пачаць, і Захад дапаможа. Людзі не ведалі, што ў СССР з’явіцца свая ядзераня зброя, і што змаганню наканаваны сумны фінал.
Як цяпер бачым, гэта быў не фінал, а вялікая паўза.
Сённяшнія лукашысты і іх саюзнікі, а дакладней, заказчыкі, у Крамлі ў такіх як Павел Мажэйка на ўзроўні ідэіі бачаць Яўгена Жыхара. А сябе лукашысты адпаведна лічаць спадкаемцамі Сталіна.
Большасць тых, каго цяпер катуюць за кратамі, не ўяўлялі ў 2020 годзе з кім маюць справу, калі выходзілі на вуліцы.
Алесь Пушкін ведаў вельмі добра. Але не з’язджаў. Ён памёр 11 ліпеня бягучага году ў гарадзенскай турме.
Цяпер за кратамі шмат людзей, якія ведалі на што ідуць, калі заставаліся ў Беларусі, альбо вярталіся з-за мяжы, як у выпадку з Паўлам Мажэйкам.
Хоць як журналіст, ён лепш за іншых, часта наіўных людзей, якія верылі ў законы ў Беларусі, бачыў, што адбываецца.
Заставацца ў сучаснай Беларусі пры любых абставінах – гэта сур’ёзны чалавечы ўчынак. Гэта супрацьстаянне сістэме і адстойванне сябе як асобы.
Часта кажуць, што Лукашэнка помсціць людзям за свой страх у 2020 годзе. Хутчэй за ўсё так і ёсць.
Але найперш лукашысты хочуць змяніць структуру грамадства. Вымыць з краіны тых, каго яны не здатныя зламаць ці перакаваць. Умацавацца знутры, каб пагражаць пад крылом Расеі Захаду. Такая сабе барацьба за расейскі рэсурс.
А такія як Павел Мажэйка робяць перашкоду для дасягнення такой вось спажывецкай мары лукашыстаў.
Слава беларускім героя! Падтырмліваем сваіх любымі дасяжнымі спосабамі!
Беларускае Радыё Рацыя