Палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай прысудзілі Штутгарцкую прэмію міру
2021-07-13 15:49
Ініцыятыва зь Нямеччыны AnStifter узнагародзіла Калесьнікаву за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе DW.
Марыя Калесьнікава жыла ў Штутгарце 12 гадоў. Калесьнікава – музыка, якая стала кіраўніцай штабу Віктара Бабарыкі і была арыштаваная. Яна знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо 10 месяцаў.
Папярэдняе сьледзтва ў крымінальнай справе Калесьнікавай завершана, пракуратура накіравала матэрыялы ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці. Калесьнікаву, а таксама юрыста Максіма Знака абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, у закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Афіцыйная цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй у памеры 5000 еўра адбудзецца 19 сьнежня. Штутгарцкая прэмія міру выдаецца за асаблівыя заслугі ў дасягненьні міру, справядлівасьці і салідарнасьці.