Палітвязень Дзяніс Марусевіч: не збіраюся пісаць просьбы аб памілванні
2021-08-11 14:19
Ні пры якіх абставінах не збіраецца пісаць просьбы аб памілванні берасцейскі палітвязень Дзяніс Марусевіч. Пра гэта распавяла яго маці Людміла Марусевіч.
25-гадовы спартовец зараз ужо знаходзіцца ў калоніі і па выніках суда яму прысуджана 4 гады пазбаўлення волі за так званы ўдзел у масавых беспарадках- адзначыла суразмоўца: „Тады навошта наогул былі ўсе гэтыя пакуты ўвесь год, калі пісаць памілванне? Прасіць аб памілванні гэта значыць прызнаваць сваю віну, а ў чым прызнавацца, калі я нічога не зрабіў? Ён таксама так разважае, што ўсё жыццё наперадзе. Як я буду сваім дзецям, калі яны ў мяне з’явяцца, распавядаць і ў вочы глядзець? Не, ён наогул супраць гэтага. Адседжу колькі трэба і выйду, але прасіць ні аб чым не буду”.
Берасцейскі спартовец Дзяніс Марусевіч быў затрыманы амаль што год таму. Ён праходзіць у межах крымінальнай справе аб масавых беспарадках за 10 жніўня 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя