Паліна Дабравольская пра творчасць у эміграцыі
2023-05-03 21:28
У Польшчы, Францыі ды Чэхіі з тэатральнымі пастаноўкамі цяпер выступае беларуская творца, акторка Паліна Дабравольская. Яна знаходзіцца ў часовай эміграцыі ў Польшчы, але намагаецца жыць актыўным творчым жыццём.
РР: Распавядзіце, чым вы займаліся апошнія месяцы?
Паліна Дабравольская: Па-першае, выйшла мая апошняя прэм’ера – першая на польскай мове. Прэм’ера была 1-га лютага ў рамках рэзідэнцыі праекту Perspaktiv. Прэм’ера адбылася ў тэатры Komuna Warszawa. Зараз шукаем, дзе ў Варшаве, у Польшчы, на якіх фестывалях можна будзе далей паказваць гэты спектакль. Гэты спектакль з удзелам беларускіх, польскіх, украінскіх акторак. І гэта музычны спектакль з жывой музыкай. Мне падаецца, што вельмі добрая, цікавая гісторыя атрымалася.
Таксама мы мелі гастролі па Францыі з нашым спектаклем Новага тэатру „1.8 M” пра беларускіх палітзняволеных. Вельмі цікавы французскі глядач. Палова з іх толькі ўзгадала альбо даведалася, што такое Беларусь, што такое было і працягвае быць з людзьмі. І вельмі прыемна, што кожнае другое пытанне было пра тое, як дапамагчы палітзняволеным у Беларусі. Гэта вельмі цудоўна і натхняе на тое, што мы робім правільныя рэчы.
Зараз я ўвогуле знаходжуся ў Чэхіі. Раблю свой новы спектакль, прэм’ера якога адбудзецца 19-га траўня. Запрашаю ўсіх! Гэта музычны спектакль ужо з чэшскімі акторкамі і акторамі па-чэшску. Спектакль называецца “Гераіні”.
Паліна Дабравольская дадае, што ў эміграцыі вельмі важна ўступаць у калабарацыі з прадстаўнікамі іншых культураў, што яшчэ больш дапамагае інтэгравацца ў грамадства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя