26 жніўня паэтка і пісьменніца Юля Цімафеева ладзіць прэзентацыю сваёй апошняй кнігі «Кровазварот» у анлайн-фармаце.
«Падаецца, гэта моцна адрозніваецца ад жывога выступу, дзе ты маеш непасрэдны чалавечы кантакт. Але я натхнілася колішнім подзвігам Альгерда [Бахарэвіча] і хачу сама праверыць, што атрымаецца з такой камунікацыі», — запрасіла аўтарка на свой
YouTube-канал.
На сустрэчы з публікай Юля Цімафеева раскажа пра кнігу, гісторыю яе стварэння, пачые адтуль вершы, а таксама адкажа на пытанні слухачоў.
Зборнік паэзіі Юлі Цімафеевай «Кровазварот», які выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч» ў траўні, распавядае пра тое, што значыць пазбавіцца свайго дому. У ёй аўтарка злучае досвед выгнання сваіх продкаў і свой, Еўропу катаклізмаў свайго роду і сваю Еўропу.
«У гэтай кнізе прысутнічае вельмі шмат месцаў — тых, якія змянялі мы з Альгердам падчас выгнання, альбо мы ездзілі ў гарадкі, вёскі, дзе былі мае родзічы. Таксама я ўзгадваю тыя месцы, дзе нарадзілася мая сям’я — бабулі, дзядулі, — распавядала Юля Цімафеева пра кнігу напярэдадні яе выхаду. — Па сутнасці, гэта мая спроба напісаць дакументальную кнігу, але паэтычнай мовай. У кнізе, у тым ліку, я выкарыстоўваю лісты сваёй бабулі з Канады, якія яна пачала пісаць з 1950-х гадоў і пісала да сваёй смерці ў пачатку 2000-х. Яны захаваліся, бо штосьці значылі для сям’і. Гэтыя лісты прывезлі з вёскі, якая засталася ў Чарнобыльскай зоне».
Юля Цімафеева — пісьменніца, перакладчыца, паэтка. Аўтарка паэтычных зборнікаў «Цырк», «ROT», дакументальнай кнігі «Мінскі дзённік». Яе вершы выходзілі асобнымі кнігамі ў ЗША, Германіі і Польшчы, з’яўляліся ў шматлікіх беларускіх і замежных часопісах ды анталогіях. З канца 2020 года аўтарка жыве ў эміграцыі ў Еўропе.
Час і месца сустрэчы:
26 жніўня, 19.30 (Берлін, Варшава)-20.30 (Мінск, Вільня),
YouTube пісьменніцы.