- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
1911 год... Другая палова чэрвеня... Цягнік у Вільню ўжо імчаўся па беларускіх прасторах. Паабапал вагонаў імпэтна прабягалі зялёныя мурожныя лугі, маладыя сасоньнікі на валуновых узгорках, сінявата-зялёныя пушчы. Вочы маладога чалавека прагна ўглядаліся ў родны краявід. "Вось яна, зямля беларуская, крыніца роднага слова, сустрэчы з якою я смагнуў праз усё маё жыцьцё й заўсёды нешта было на перашкодзе, — езьдзіў у розныя іншыя краіны, пазнаў Прыуральле й Волгу, а да родных загонаў толькі цяпер выбраўся. Скарыстаю лета, каб запазнацца з краем і мовай маіх дзядоў. Цяпер у перапынку паміж гімназіяй і ліцэем якраз добры час і зрабіць гэта. Яшчэ сярэдзіна чэрвеня, добры час наперадзе. Вацлаў Ластоўскі пісаў мне, што Антон Луцкевіч ужо дамовіўся са сваім дзядзькам адносна майго ўстаткаваньня ў яго фальварку. Ды зрэшты й сам Антон ужо пісаў, запрашаючы мяне на летаваньне ў Ракуцёўшчыну. Але што гэта за фальварак і як ён выглядае, аднаму толькі Богу вядома, бо нічога яны аб ім не пісалі. Але такой бяды, важна, што на роднай зямлі ды сярод сваіх людзей, для якіх роднае слова — хлеб штодзённы, без яго яны ні дня ня жывуць...," —думаў Максім, углядаючыся праз вокны вагона ў прыгожыя краявіды. Яшчэ перад поўным спынкам, вагонны калідор напоўніўся галасамі й гаворкамі тых, хто злазіў. А насустрач ім на прыпынку ўліваўся новы натоўп пасажыраў і поўніў маладымі галасамі вагонную прастору. Максім прагна лавіў кажнае слова тутэйшых людзей і стараўся дайсьці да сэнсу кажнага сказу. (Там дзе плывуць берагі Вяльлі, фрагмент)