Распачаты прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай, якой ганаруюць найлепшыя паэтычныя кнігі папярэдняга году.
Як узяць удзел?
Права намінавання маюць самі аўтары/аўтаркі паэтычных кніг, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.
Умовы конкурсу:
Жанр: паэзія.
Год выдання: кніга мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года.
Мова: беларуская.
Фармат: кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).
Калі кніга, якая намінуецца на прэмію, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў конкурсе, яна можа заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.
Цяпер можна намінаваць і аўдыякнігі!
З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню ў тэрмін паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года. Звяртаем вашую ўвагу на тое, што кнігі ў такім фармаце таксама мусяць выконваць патрабаванні ўдзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, якія выходзілі да года намінацыі, то-бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі.
Падрабязнасці ўдзелу
Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца з дакументаў:
Дзе падаць заяўку?
Запоўніце спецыяльную форму
па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод, электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў ludzislova@penbelarus.org. Не забудзьцеся абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.
Канчатковы тэрмін падачы заявак – 23:59 12 лютага 2025 года.
Журы
Найлепшыя кнігі будуць вызначацца выдатнымі беларускімі паэткамі і паэтамі, крытыкамі і крытыкесамі ды літаратуразнаўцамі. Імёны публічных сябраў журы будуць абвешчаны ўжо неўзабаве.
Паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай была заснавана ў гонар выдатнай паэткі і зоркі беларускай літаратуры, аўтаркі славутага верша “Малітва”, які зрабіўся гімнам “Магутны Божа”. Яе творчасць і дзейнасць на эміграцыі сталі важным унёскам у захаванне і развіццё беларускай культуры.
З 2021 года арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Першым лаўрэатам прэміі стаў
Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі
“Толькі вершы”. Летась прэмію атрымалі адразу дзве аўтаркі:
Наста Кудасава за кнігу
“Побач” (2022 год) і
Ганна Шакель за кнігу
“Цела мігдалу” (2023 год).