З радасцю абвяшчаем адкрыццё прыёму заявак на прэмію імя Ежы Гедройця за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2023 годзе.
Намінаваць кнігі для ўдзелу могуць аўтары, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, аргкамітэт прэміі і сябры журы.
Заяўкі прымаюцца да 4 ліпеня 2024 года ўключна.
Звяртаем увагу, што ў статуце прэміі адбыліся змены. Падрабязней азнаёміцца з новымі ўмовамі можна ў абноўленым
статуце і
рэгламенце.
Патрон прэміі – Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.
З 2012 года прэмія ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай і дакументальнай прозы і на сённяшні дзень яна стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Пераможцы апошніх трох гадоў – Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» (2021), Сяргей Абламейка з творам «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (2022), Ганна Кандрацюк з працай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (2023).
Запрашаем да ўдзелу і зычым поспеху ўсім удзельнікам!