- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Гадулька Васіль Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1946 годзе ў в. Федзькавічы Жабінкаўскага раёна ў беднай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, але на апошнім курсе, расчараваны ў прафесіі настаўніка, кінуў інстытут і працаваў доўгі час на будоўлі, потым – паляводам у мясцовым саўгасе. Вершы на расейскай мове пачаў пісаць яшчэ ў школе. Друкавацца не спрабаваў, лічачы гэтае сваё захапленне паэзіяй, як пазней замежнымі мовамі – нямецкай, англійскай, італьянскай, французскай і польскай – толькі асабістым сваім хобі. Прыкладна з 1985 года пачаў пісаць па-беларуску. Вершы друкаваліся ў раённай газеце “Сельская праўда”, абласной – “Заря”, двойчы ў зборніку “Дзень паэзіі” і ў штотыднёвіку “ЛіМ”. Рыхтаваў зборнік вершаў і баек, але надрукаваць яго не паспеў: зімой 1992 года, у страшэннай галечы і без сродкаў для існавання, незразуметы, расчараваны і пакінуты ўсімі трагічна памёр і пахаваны на могілках в. Федзькавічы Жабінкаўскага раёна». Як ні дзіўна, гэты аўтабіяграфічны дакумент напісаны рукой самога Васіля Гадулькі на просьбу супрацоўніц раённай бібліятэкі Жабінкі. Памыліўся паэт усяго на паўгады. Насамрэч памёр ён 15 чэрвеня 1993 года. Усё астатняе сумненню не падлягае. (Рэд.)