- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
„Я сын Янкі Купалы і брат Максіма Багдановіча!” — дэклараваў паэт. Амбітны жарт? „Сыса ніхто не абвінаваціць у публіцыстычнасці, голай палітычнай ці ідэалагічнай заангажаванасці… Ён адзін з самых энергаёмістых ва ўсёй беларускай паэзіі. Па колькасці паэтычнай энергіі на радок, падобна, яму саступяць і Купала, і Багдановіч. Здаецца, у лепшых паэтычных творах Анатоля Сыса сканцэнтраваны ўвесь трагічны цяжар нацыянальнага быцця” — кажа філосаф Валянцін Акудовіч. Анатолю Сысу і была прысвечана вечарына, што адбылася ў дольнай залі касцёла Сымона і Алены напярэдадні Дзядоў, праз колькі дзён пасля дня народзінаў заўчасна памерлага паэта (5 мая 2005 года). Апрача ўшанавання памяці, сябры і прыхільнікі яго паэтычнага таленту меліся сабраць сродкі на помнік, які будзе ўсталяваны на радзіме, у вёсцы Гарошкава да трэцяй гадавіны смерці (скульптар Г. Лойка). Да імпрэзы была прымеркавана невялічкая выстава жывапісных абразоў Алеся Квяткоўскага, які быў добра знаёмы з паэтам. На выставе было трошкі больш за 20 твораў. Выстава атрымалася ўтульная, мядова-бурштынава-сонечная і пяшчотная. Цяперашні свет вобразаў Квяткоўскага, безумоўна, нясе ў сабе часцінку духу творчасці Анатоля Сыса.