- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выбары 2008 у люстэрку СМІ Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія фармальна ўвайшла ў самую актыўную фазу, характар яе асвятлення з 23 жніўня па 5 верасня ў дзяржаўных СМІ істотна не змяніўся. Яны па-ранейшаму акцэнтуюць сваю ўвагу на арганізацыі ды тэхнічных аспектах выбарчага працэсу (дзейнасці ЦВК), а не на агітацыйнай кампаніі. Сімптаматычна, што на зварот Аб’яднаных дэмакратычных сіл аб правядзенні перадвыбарчых дэбатаў адказ кіраўніцтва дзяржрадыё быў адмоўны. Выступы кандыдатаў па тэлебачанні ў Мінску і іншых вялікіх гарадах прыпадаюць на час з 17.30 да 18.30. Гэта азначае, што большасць працуючых выбарцаў, якія ў гэты час знаходзяцца па дарозе з працы або робяць закупы, не могуць з імі азнаёміцца. Істотным чынам абмяжоўваюць камунікацыю з выбарцамі і надзвычай малыя сродкі, выдаткаваныя кандыдатам на выраб агітацыйных матэрыялаў. У сваю чаргу, спецыяльна прысвечаныя выбарам праграмы, што ўжо з’явіліся ў эфіры, акцэнтуюць увагу тэлегледачоў не праграмах дзейнасці, палітычных платформах, сацыяльных сцэнарах развіцця беларускага грамадства, а на арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемствах, што ажыццяўляюць ЦВК і мясцовыя ўлады. Так, перадача «От выборов до выборов» (26 жніўня, тэлеканал «Лад» , ТРК г. Гомель) працягласцю больш за паўгадзіны ўяўляе сабою вялікі рэпартаж пра Лоеўскі раён.