- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Працэс пайшоў Аўстрыйская тэлекампанія Telekom Austria (ТА) праз Кіпр купляе пакет акцый буйнейшага аператара мабільнай сувязі МЦС (гандлёвая марка Velcom). У дадатак пайшлі чуткі пра магчымы продаж гадзіннікавай фірмы «Луч». Як казаў палітык сучаснасці, «Працэс пайшоў». Прагноз аналітыкаў пра магчымае развіццё падзей пацвяржаецца: беларускія ўлады, каб выйсці з крызіснай сітуацыі, будуць імкнуцца прадаваць. Або тое, што дайшло да ручкі і зберагчы немагчыма, напрыклад, «Луч», «Мотавела». Або тое, за што можна атрымаць добрыя грошы, — коштам, вышэйшым за балансавы, як мінімум у два-тры разы, ці ў 15–20 разоў вышэйшым за гадавы прыбытак (прыкладам, Velcom). Справа тут яшчэ і ў тым, што нафтавая галіна сама па сабе, без расійскіх субсідый, мае вельмі абмежаваны інтарэс на Захадзе. Гэтая галіна прыцягальная толькі для Расіі. Такім чынам, сінгапурызацыя праз чорны ход, пра што я гаварыў у папярэднім каментары, мае працяг: улада вымушана ідзе на пэўныя рынкавыя крокі зверху, каб захаваць сябе, захаваць рэжым. Але крокі не ўсвядомленыя, не вызначаныя стратэгічна, не пралічаныя тактычна, а прадыктаваныя неабходнасцю тэрмінова латаць фіскальныя дзіркі, якія з’явіліся з-за газавых канфліктаў, мытаў на нафту. Прычым хуткасць, з якой адбываецца перагляд коштаў у бок павышэння, пераўзыходзіць прагназуемуя аналітыкамі. Чакалася, што наступствы ад падвышэння коштаў дадуць пра сябе знаць недзе праз год-два. Аказалася — менш чым праз год.