- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Палітыка - брудная справа Пытанне рытарычнае. Бо ў грамадскай свядомасці даўно ўжо сфармаваны, як ні парадаксальна, тымі ж палітыкамі, жалезны адказ: «Безумоўна — брудная». Але, калі ўдумацца, то стане зразумелым: не больш і не менш брудная, чым любая іншая сфера чалавечай дзейнасці. Дзе чалавек — там і бруд. Дзе чалавек — там і чысціня. Усё вызначаецца ім самім, дакладней, людскімі характарамі і той сістэмай адносін, якая сфармавалася ў тым ці іншым асяродку: прафесійным, сацыяльным, нефармальным групавым. Малым і вялікім, да дзяржавы ўключна. Біялагічнай прыродай чалавека, якая штурхае яго да барацьбы за лепшае месца пад сонцам. Правіламі таго ці іншага соцыуму, ім жа прынятымі. Законам і нормамі маралі. Грамадскім дагаворам ці воляй і сілай важака, правадыра. Іншая справа, што ў палітыцы бруд больш заўважны і адчувальны. Бо гэтая сфера чалавечай дзейнасці так ці інакш закранае інтарэсы кожнага. Хочаш ці не хочаш. Цураешся палітыкі ці не. Бо ў гэтай сферы ўсе словы і справы — асоб і груповак — пад павелічальным шклом людской цікавасці: сродкаў масавай інфармацыі — у адкрытым грамадстве, чутак і плётак — у закрытым.