- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дата 22 чэрвеня 1941 года Калі мы вызначаліся з фарматам калонкі рэдактара, нам вельмі не хацелася, каб яна прымяркоўвалася да пэўных дат. Але як прамінуць гэты дзень — 22 чэрвеня? 22 чэрвеня 1941 года. Страшная дата. Тры гады запар гэта была дата пачатку вайны ў рамках вайны. Пракляты дзень жудаснай трагедыі, бяды і смерці. І кожны той ваенны год быў даўжэй за век. Выжыць і перамагчы — надзея, малітва мільёнаў чатыры гады запар. І толькі чацвёртая гадавіна ад пачатку вайны выпала на другі месяц пасля вайны. І дата 22 чэрвеня згубілася ў водблісках пераможнай даты 9 мая. Але не забылася. Натуральна, што памяць пра пачатак самай маштабнай, самай цяжкай, самай крыважэрнай вайны за ўсю гісторыю чалавецтва — у кожнага свая. Індывідуальная, што ідзе ад сям’і, ад блізкага атачэння, ад паўнаты ведаў пра вайну, ад светапогляду і характару… Свая яна і ў кожнай краіны, што была ўцягнутая ў вайну на тым ці іншым баку. Тым больш, што вайна перакроіла і межы краін, і блокі.