- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пад чорна-белымі крыламі палітыкі Штотыдзень планую напісаць у чарговы нумар пра нешта пазітыўнае і добрае ў нашым жыцці-быцці. І тэмаў быццам бы не мала. Бо не толькі палітыкай жыве чалавек. Дакладней, большасць грамадства жыве не палітыкай. А за гэтымі межамі, дзякуй Богу, заўсёды, нават у самыя ліхія часы, ацалявае шмат чаго добрага, прыемнага, прыгожага. Каханне. Сям’я. Сяброўства. Музыка. Мастацтва. Літаратура. Прырода. Рыбалка. Лецішча. Шашлык. Келіх добрага віна… Але над усім гэтым — крыло палітыкі. Ці то белае, што падтрымлівае, уздымае, натхняе на ўласны свабодны палёт. Ці то чорнае, што прыгнятае, збівае, перашкаджае не тое што ўзляцець — разагнуцца не дае. І змаўкаюць музы. І рвуцца на здрадзе ніткі сяброўства. І захлынаецца каханне. І скісае віно. І ламаюцца душы на прыстасаванстве. І сон розуму нараджае пачвар. Яшчэ не так? Дзякуй Богу — пакуль не зусім так. Але ўжо ажывае ў нашых душах халадок страху, асцярожнасць самазахавання, а з імі — звычкі, што дзесяцігоддзямі насаджае ўлада: нешта не заўважыць, пра нешта не думаць, штосьці абысці. Не чуць і не бачыць. І ўнутранае апраўданне тут як тут: згублю працу, а чым сям’ю карміць, не напішу артыкул, кнігу, карціну, не пастаўлю спектакль, не праспяваю песню і гэтак далей... Далей ад сябе самога, свайго «я», ад сябе сапраўднага, якім быў ці якім мог стаць. Адбыцца і застацца Асобай.