- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 24 хвіліны на атамнай электрастанцыі ў чарнобылі грымнулі паслядоўна два выбухі. такім быў пачатак трагедыі, якой не відаць канца. У Чарнобыльскай трагедыі — розныя абліччы. Рэактар, што палае. Героі-смертнікі ліквідатары. Бежанцы-перасяленцы. Пакінутыя вёскі і гарады. Нежылая мёртвая зона памерам у 2 500 квадратных кіламетраў. Сінявокая Беларусь з папялісташэрым адценнем. Шматлікае адчуванне гэтай трагедыі. Кожным: у сваім асабістым лёсе і ў лёсе краіны. Але пры ўсёй рознасці, ёсць і прынцыповы падзел-падабенства. На тых, хто перажыў катастрофу побач з рэактарам пад нябачнымі струменямі радыяцыі, і на тых, каму пашчасціла жыць уводдалі. Нам з сынам, прыкладам, пашанцавала: мы з ім былі на экскурсіі па Залатому кальцу ў Расіі. Вярнуліся 29 красавіка. І толькі тут даведаліся нешта цьмянае і недакладнае пра нейкую аварыю на АЭС. А мая малодшая дачка з дзіцячым танцавальным ансамблем „Ровесник” тры дні запар перад 1 мая рэпетавала перад Домам урада, а на свята танчыла на дэманстрацыі. „Злачынцы”, — мовіла бабуля пра ўрад, калі праўда выплыла на верх.