- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Перамены і ўсеагульны дабрабыт, відавочна, Беларусь атрымае метадам чароўнай тэлепартацыі з-за мяжы. Прынамсі апошнім часам з-за кардону прыходзяць навіны, паводле якіх можна паверыць у запаветную для беларуса мару: усё зробіць нехта іншы, а вынік будзе тут і цяпер. Палітычны гуру свядомых беларусаў канца 1980-х — сярэдзіны 1990-х Зянон Пазьняк выступіў з абвінаваўчымі заявамі на адрас беларускай апазіцыі. Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які ў 2010 годзе абяцаў памяняць «лысую гуму», атрымаў палітычны прытулак у Англіі. Ключавыя персоны яго перадвыбарчага штабу пасля турэмных выпрабаванняў у Беларусі з’ехалі за мяжу. Кажуць, што разглядаюць ад’езд як працоўную камандзіроўку. У Вільні кіраўніцтва Рады БНР правяло сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі з мэтаю «выпрацоўкі захадаў у справе забеспячэння абароны незалежнасці Беларусі». У сукупнасці ад такіх навінаў хочацца ці змяніць «апазіцыйную гуму» оптам, ці падацца ў тую ж эміграцыю ды ва ўнісон пачаць вяшчаць пра барацьбу са злачынным рэжымам і апошняю дыктатураю Еўропы. Перспектыва ж заставацца ў зоне безнадзейнай Беларусі выклікае як мінімум прыступы дэпрэсіі.