- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чым бліжэй падыходзіць час да запуску любімай гулькі Уладзіміра Пуціна — Еўразійскага эканамічнага саюза, тым больш непрыхільна ставяцца да гэтай ідэі ягоныя хаўруснікі. Як высветлілася нядаўна, Аляксандр Лукашэнка наогул незадаволены тым, як развіваюцца падзеі. І на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам 11 кастрычніка, і падчас прэс-канферэнцыі для СМІ СНД беларускі кіраўнік распавёў пра сваё бачанне ЕЭС. Найперш, гэта тычыцца ўсялякіх мытаў, тарыфаў і збораў. Лукашэнка прызнаўся, што свядома ўкінуў расійскім журналістам інфармацыю пра адмену ўсіх абмежаванняў і выключэнняў у Мытным саюзе з 1 студзеня 2014 года. «Калі дамовіліся, дык давайце ствараць рэальную адзіную эканоміку, і здымем гэтыя выключэнні. Калі гэта Мытны саюз, а заўтра — Еўразійскі эканамічны саюз, і мы прэтэндуем на тое, каб ён быў шчыльнейшы, чым Еўрасаюз, то паўстае пытанне: ці ёсць такія класічныя ўтварэнні? Ёсць. Яны функцыянуюць, дзе няма ніякіх выключэнняў і абмежаванняў», — заявіў ён на сустрэчы з рэдактарамі СМІ СНД.