- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзяржава просіць. Высокія чыны заклікаюць беларускі народ аб’яднацца, зразумець і зняць кашулю, каб дапамагчы выбрацца з нэндзы. Але ці гатовыя грамадзяне выцягнуць і пакласці на дзяржаўны стол агучаныя кіраўніцтвам Беларусі сем мільярдаў долараў заначак? Для пачатку хацелася б прывесці вельмі паказальныя лічбы. Папулярны беларускі інтэрнэт-партал tut.by правёў апытанне на тэму «Я б з’ехаў з Беларусі...». З прапанаваных варыянтаў адказ «Як толькі з’явілася б магчымасць» абралі больш за 55% рэспандэнтаў. І толькі 14% прагаласавалі за варыянт «Я нікуды не збіраюся з’язджаць. Я цалкам шчаслівы тут». Пра крах ідэі сацыяльнага кантракту, што актыўна абмяркоўвалася цягам апошніх гадоў палітыкамі і аналітыкамі, якія шукалі прычыну, чаму ж беларусы не ідуць грудзямі на барыкады рэвалюцыі, гэтым летам стала зразумела нават сціплым пенсіянерам і абыякавым спажыўцам пладова-ягаднага. І ўсё, што робіцца цягам апошніх месяцаў, працуе толькі на карысць размывання аўтарытэту і даверу да ўладаў. Быццам пятая калона, якую столькі гадоў чыхвосціў Аляксандр Лукашэнка, гэта і ёсць улада. Яна абяцае і не выконвае, патрабуе і пагражае.