- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Палитычны сон пад высоким градусам. Усход прыйшоў пасля таго, як вынайшлі кандыцыянеры. Відаць, спёка ўсё ж і праўда не спрыяе працы шэрага рэчыва. Топ-навіной летніх месяцаў сталася спёка, але ніяк не актыўныя дзеянні напярэдадні падзей, што мусяць вызначыць лёс Беларусі як мінімум на бліжэйшыя гады. Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца ўсё менш часу, але з чым Беларусь увайшла ў летні перыяд, з тым і выходзіць з яго. Няма ні дамоўленасці наконт адзінага кандыдата ад апазіцыі, ні скаардынаванай праграмы дзеянняў. Няма і выразных партрэтаў патэнцыйных кандыдатаў на месца ў Чырвоным доме па вуліцы Карла Маркса. З усіх заяўленых прэтэндэнтаў у кандыдаты бадай што найбольш актыўна паводзіць сябе лідэр кампаніі «Гавары праўду!» паэт Уладзімір Някляеў — сустрэчы з людзьмі ладзіць, заявы ў міністэрствы рыхтуе. Ад таго і ў беларускай незалежнай прэсе часцей узгадваецца. На іх тле Някляеў выглядае энергічным і неабыякавым. Паездкі па рэгіёнах — паспяховая стратэгія мінулай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча — таксама пакуль выкарыстоўваюцца толькі паэтам, які рынуўся ў палітыку. Яшчэ адзін прэтэндэнт з амбіцыямі, які ад пачатку пазіцыянаваўся як моцны палітык — Андрэй Саннікаў, — цягам лета зарэкамендаваў сябе хіба што як арганізатар чарговай акцыі салідарнасці 16 жніўня. Што праўда, прыйшло не дзесятак чалавек, як тое часцяком бывае, а паўтары сотні.