- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
ВОСЬ БЫ СЕРАДУ ЎЗЯЦЬ І АДМЯНІЦЬ... Акцыі маўклівага пратэсту вымушаюць улады пакласці на алтар самазахавання рэшткі яшчэ хаця б у нечым станоўчага дзяржаўнага іміджу. Унутры краіны, асабліва гэта тычыцца Мінска, ад цырульнікаў і каларытных ЖЭСаўскіх сантэхнікаў да інтэлігентаў у сціпленькіх піджаках, экспрэсіўнасць праклёнаў на адрас улады адрозніваецца хіба што культурным узроўнем крыніцы вербальнага пратэсту. Звонку дзяржавы, дзякуючы неадэкватнай рэакцыі сілавікоў на апладысменты і маўчанне людзей на вуліцах, таксама рассейваюцца ілюзіі аб «астраўку стабільнасці». Незадаволеныя і пакуль нікім не ачоленыя беларусы выходзяць моўчкі на вуліцу. І гэтак жа моўчкі іх рассаджваюць па аўтазаках таварышы ў цывільным без апазнавальных знакаў. Сімвалы сучаснай Беларусі: аўтазак — прадукт МАЗаўскіх рабочых для перавозкі вязняў, — і кароткастрыжаныя, беспардонныя, крэпкія мужыкі ў цывільным.