- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Trial-версія «Усходняга партнёрства". Цягам года ад пачатку праграмы «Усходняе партнёрства» Беларусь праявіла сябе як актыўны яе ўдзельнік. Аднак зразумела, што для супрацоўніцтва не дастаткова толькі жаданняў афіцыйнага Мінска і апазіцыі. Беларуска-еўрапейскім адносінам усё яшчэ бракуе палітычнай волі да выканання грунтоўных патрабаванняў ЕС у сферы паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, а таксама ўмення ісці на кампраміс. Так, у лютым на нявызначаны тэрмін было адменена пасяджэнне парламенцкай асамблеі праграмы «Усходняе партнёрства» (Еўранэст) з-за супярэчнасцяў па складзе беларускай дэлегацыі. Бакі не змаглі дамовіцца адносна таго, хто будзе прадстаўляць нашу краіну ў Еўранэсце: афіцыйны Мінск не пагадзіўся на прадстаўніцтва апазіцыі, а Брусель — на тое, каб беларуская дэлегацыя складалася выключна з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Еўранэст як структура насамрэч не будзе мець вялікай палітычнай вагі, аднак у адносінах паміж Беларуссю і ЕС паказвае гатоўнасць нашай краіны да кампрамісу і дыялогу. Нагадаю, што АБСЕ мела прэтэнзіі да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія адбыліся ўвосень 2008-га. Не так даўно з’явіўся новы маяк у моры непаразуменняў з ЕС. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (хаця гэта і не мае наўпроставага дачынення да праграмы «Усходняе партнёрства», але ж завязана на агульнае збліжэнне з ЕС) прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвае прыпыненне кантактаў з Беларуссю на высокім узроўні.