Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку выдаў новую кнігу Ганны Кандрацюк “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”, у якую ўвайшлі тэксты пра 7 выбітных асобаў.
Аўтарка
падзялілася навіной у фэйсбуку і расказала, чые менавіта партрэты знойдуць чытачы на старонках кнігі — Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч і Юры Гумянюка.
“Даўно не чытаў я нічога з такім задавальненнем, як рэпартажы Ганны Кандрацюк, сабраныя штотыднёвікам “Ніва” для яе новай кнігі. Па сутнасці іх можна аднесці да нон-фікшн, жанру сучаснай літаратуры, бо ў іх заяўляюць пра сябе, даводзяць сваё і дзейнічаюць дзесяткі рэальных персанажаў са сваімі лёсамі і характарамі, якія кожны па-свойму ацэньваюць гістарычную ролю, трактуюць лёс і характар галоўнага героя: ці гэта паэт Гумянюк, ці рэвалюцыянер Каліноўскі. Прычым, ацэнкі гэтыя, як і ёсць яно ў рэальным жыцці, далёкія ад супадзенняў, часам проста процілеглыя”.
Уладзімір Някляеў таксама каментуе дзеля прыкладу адзін фрагмент рэпартажу пра Кастуся Каліноўскага
“А вам навошта той Каліноўскі?.. Ці вам у той “Ніве” не хапае пісаць пра нармальных людзей? Навошта вам “насвятляць” таго мяцежніка?.. Ён не пераносіў праваслаўнага духу. Не трэба яго славіць і асвятляць. Хай яго палякі сабе бяруць і хваляць”.
І дзе ж чуе такое аўтарка рэпартажу? У Мастаўлянах. Вёсцы, якая лічыцца радзімай Каліноўскага, жыхары якой прыгадваюць, як аднойчы прыехалі да іх вучоныя з Беларусі і завялі такую гутарку: “Мы прыехалі да вас, бо тут, у вашай вёсцы, нарадзіўся вялікі чалавек…” — а адзін дзед адпаліў ім, сказаў “каб яны тут не разводзіліся пра вялікіх людзей, бо тут, у Мастаўлянах, усе нараджаліся маленькімі”.
Як залацінка, метафара бліснула!.. А за ёй характар. А за характарам лёс. Дзеда. Вёскі. Народа.Гэта не праўда пра Каліноўскага. Гэта наша праўда пра саміх сябе. І ўжо толькі таму, што яна тут выказаная так, як нідзе болей, варта прачытаць гэтую кнігу, бо ў Ганны Кандрацюк ёсць рэдкі чалавечы і пісьменніцкі дар: заўважаць, як бліскаюць у смецці быту залацінкі жыцця”.