Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сустракае 63-годдзе за кратамі
2025-09-25 16:41
63 гады спаўняецца 25 верасня Нобелеўскаму лаўрэату, вядомаму беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Улады Беларусі засудзілі яго да10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне палітвязень у папраўчай калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласці.
Агулам гэта ўжо восьмы дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі.
Кажуць калегі Алеся Бяляцкага з Праваабарончага цэнтра «Вясна»:
-У Алеся гэта ўжо другі крымінальны тэрмін, ён другі раз знаходзіцца ў калоніі. Але Алесь — гэта вельмі мужны чалавек. І маральна гатовы да такіх выпрабаванняў. Але ён вельмі часта бывае ў ШІЗА, у ПКТ, і гэта дадатковыя складанасці.
-Сам факт, што Нобелеўскі лаўрэат, віцэ-прэзідэнт Федэрацыі за правы чалавека і вядомы праваабаронца знаходзіцца зараз за кратамі, — гэта вялікі выклік нам, праваабаронцам, і ўсяму дэмакратычнаму свету.
Алесь Бяляцкі стаў трэцім чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай. Прэмію 10 снежня 2022 года атрымала яго жонка Наталля Пінчук.
Сёння, 25 верасня, у Літоўскім сейме адкрыецца выстава «Алесь Бяляцкі: масты і сцены», прысвечаная Алесю Бяляцкаму. А ў Варшаве пройдзе акцыя салідарнасці пад назвай «Час збіраць гарбузы».
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя