- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь падвяла вынікі чарговага этапу прэзідэнцкіх выбараў. Паводле даных тэрытарыяльных выбарчых камісій, куды былі здадзены подпісы за прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду дзяржавы, на фінішную прамую выйшлі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Сяргей Гайдукевіч, ну і зразумела, першы і пакуль што адзіны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Слова „зразумела” адпавядае і для іншых кандыдатаў, і для ўсяго выбарчага працэсу. Ніхто з тых, хто хоць трохі заангажаваны ў беларускую палітыку і гэтыя выбары ні кроплі не сумняваўся, што будзе менавіта такая раскладка. Людзі ўсміхаюцца і кажуць: „Усё, што мы казалі пра выбары, пакуль што збываецца. А ўсё, што казалі нам — не пацвердзілася”. Больш за ўсіх подпісаў — нават больш за ўсіх разам узятых, уключаючы і подпісы тых, хто не патрапіў у фінальную гульню — зноў жа, зразумела, мае дзеючы кіраўнік. На другім месцы, з вялікім адрывам і яшчэ большым папярэджаннем, ідзе адзіны прэтэндэнт ад аб’яднанай апазіцыі. Трэці радок займае прадстаўнік неаб’яднанай апазіцыі. Замыкае чацвёрку, якую ў першы ж дзень яе ўтварэння ў народзе назвалі „Тры мушкецёры і Дартан’ян”, вылучэнец не ад апазіцыі. (В. Сазонаў, Беларускі таталізатар, фрагмэнт)