- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Канферэнцыя, арганізаваная 20-21 верасня ў Беластоку Беларускім гістарычным таварыствам, мела на мэце асвятліць працэс змагання за беларускую дзяржаўнасць у ХХ стагоддзі. Як падкрэслівалі гісторыкі з Беларусі, у іх, на Бацькаўшчыне, публічнае разважанне на такую тэму пакуль што немагчымае. Улады, якія прадстаўляюць антынезалежніцкую і постсавецкую плынь беларускай палітыкі, не зацікаўлены ў высвятленні ўсіх працэсаў, якія спадарожнічалі пабудове сучаснай дзяржаўнасці і грамадства. Прапанаваная студэнтам і моладзі гісторыя надалей падтрымлівае савецкую міфалогію, дзе ўсё беларускае называецца нацыяналістычным, буржуазным, калабарацыянісцкім, а сапраўднай айчынай беларусаў у ХХ стагоддзі лічыцца толькі Савецкі Саюз. Слухаючы даклады калег з Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна відаць колькі працы ўкладваюць яны, каб з архіваў выцягнуць тыя факты, аб якіх савецкая гістарыяграфія ніколі не згадвала. Праблемай, аднак, застаецца іх абагульненне. Як заўважыў прафесар Эмануіл Іофе з Мінска, большасць вучоных пералічвае нейкія дэталі, некаторыя ўжо добравядомыя, не выцягваючы з іх ніякіх высноў. (Я. Мірановіч, Змаганне за Беларусь, фрагмэнт)