- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Днямі ўпершыню ў жыцці пашчасціла патрапіць у Кіева-Пячорскую лаўру. Знаёмства з калыскай славянскага праваслаўя пакідае моцнае ўздзеянне на верніка кожнай канфесіі, а магчыма і на атэіста. Для беларусаў гэты унікальны праваслаўны манастыр цікавы яшчэ і тым, што ў ім — у Феадосіевай пячоры — цягам васьмі стагоддзяў захоўваліся мошчы святой Еўфрасінні Полацкай. Пры нагодзе некалькігадзіннага шпацыру па Кіеве безумоўна не час для глабальных і грунтоўных высноваў, але першасныя ўражанні таксама яскравыя. У параўнанні з сённяшнім Мінскам цяперашні Кіеў выйграе толькі адным — настроем людзей. У Мінску людзі пераважна панурыя, у Кіеве — куды весялейшыя. І гэта, мне падаецца, выразная адзнака і істотная розніца. А найбольшая прыемнасць — размаўляць у Кіеве па-беларуску. Распытваючы жыхароў украінскай сталіцы на сваёй мове, аніводнага разу не сутыкнуўся я з непаразуменнем — адны адказвалі па-ўкраінску, іншыя па-руску, але ніхто не выявіў рэакцыі здзіўлення ці незадавальнення. Быццам на Украіне адна з традыцыйных моў зносінаў — беларуская. (У. Хільмановіч, Пасля каляровай рэвалюцыі, фрагмэнт)