- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пры канцы верасня членаў Управы Праграмнай рады Тыднёвіка „Ніва” абвінавацілі ў парушэнні закону аб рахункаводстве. Пяці членам Управы ставіцца закід у нязгодным з законамі выдаткаванні датацыі на выдавецкую дзейнасць. Дакладнага зместу гэтага абвінавачання без юрыдычных і бухгалтарскіх ведаў немагчыма прыблізіць, але ў вялікім скарачэнні выглядае гэта так, што члены Управы вінаватыя ў тым, што бухгалтарка не запоўніла ці дрэнна запоўніла нейкія дакументы. Ад самага пачатку, калі пачалася акцыя Найвышэйшай кантрольнай палаты ў рэдакцыі „Нівы”, вядома было, што шукаюцца падставы для нейкага скандалу. А калі дзяржаўная ўстанова шукае, заўсёды можа нешта знайсці. Як гаварыў сталінскі пракурор: „Пакажыце мне чалавека, а адпаведны закон знойдзецца”. Удар па „Ніве” быў дасканала запланаваны і па ўсім відаць у ім інтэлект прафесіяналаў. Пасля аб’яўлення перапісу насельніцтва ад 2002 г. мясцовыя патрыёты прыйшлі да вываду, што працэс асіміляцыі беларусаў моцна прытармазіўся і трэба яму паспрыяць адміністрацыйна-рэпрэсіўнымі метадамі. (Я. Мірановіч, Суд над намі, фрагмэнт)