- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Моладзевы рух заўжды быў істотным чыннікам грамадскага руху. Беларусь у гэтым плане не ёсць выняткам. Нацыянальнае адраджэнне 1980-х гадоў, наступствам якога стала ўсталяванне суверэннай дзяржавы, грунтавалася ці не найперш на моладзевых ініцыятывах і рухах. Варта згадаць хоць бы вальныя соймы беларускіх моладзевых суполак. А колькі тады паўстала моладзевых ініцыятыў — выдавецкіх, экалагічных, краязнаўчых, рэлігійных. Усіх і не пералічыш. Мінула дваццаць гадоў. Адчуваючы сябе па ўсіх прыкметах сярэднім, але досыць дасведчаным, пакаленнем, міжволі задумваешся пра пераемнасць і тых, „хто ідзе за мной”. Ці ёсць яна тая „мілая, слаўная моладзь”, пра якую пісаў вялікі пясняр зямлі беларускай? Якія яны сённяшнія хлопцы і дзяўчаты, чым жывуць і кіруюцца? У адказах самым сабе можна абмежавацца адначасна правільнай і банальнай высновай — „яны не такія як мы, яны не лепшыя і не горшыя, а проста іншыя”. Але хочацца „злавіць” і асэнсаваць крыху болей. Напэўна, не толькі мне, але і многім з тых, каму пад сорак ці крыху за сорак. (У. Хільмановіч, „Прабітая” моладзь, фрагмэнт)