- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пры канцы снежня мінулага года ў працэс змагання з „Нівай” уключылася Польскае пасольства ў Мінску. Пасол Тадэуш Паўляк напісаў ў газету „Наша слова”, якая выдаецца Таварыствам беларускай мовы, ліст з поўным спіскам „злачынстваў” Праграмнай рады. Найбольш сюррэалістычна гучыць першы закід. „Сумарныя выдаткі на рэалізацыю задач у 2001-2002 гадах пададзеныя штотыднёвікам (г.зн. 1 146,4 тысяч злотых) былі завышаныя на суму 446,8 тысяч злотых (у доларавым эквіваленце каля 120 тыс. долараў)” — піша пасол РП Тадэуш Паўляк. Што падумае чытач у Беларусі чытаючы такі сказ? Не можа нічога падумаць. Перажыве шок. Мы тут, беларусы, грамадзяне Польшчы, распараджаемся такімі сродкамі, пра якія ім нават не снілася. А прытым яшчэ „завысілі”. Што гэта абазначае і так ніхто не ведае, але з кантэксту можна дадумоўвацца, што пэўна ўкралі 120 тысяч долараў. Беластоцкі „Кур’ер паранны” доўгімі месяцамі шакіраваў грамадства Беласточчыны сумай 174 тысяч, якую мы незаконна выдаткавалі. Пасол Паўляк пабольшыў гэтую суму амаль у тры разы. (Я. Мірановіч, Змаганне з „Нівай” у Мінску, фрагмэнт)