- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Свет шматпалярны — часта любяць сцвярджаць палітыкі і аналітыкі рознага роўню. Між тым, яшчэ са школьных урокаў геаграфіі ўсе добра ведаюць, што ёсць толькі два полюсы — паўночны і паўднёвы. Так і ў палітыцы. Падобна, што сусветныя падзеі апошняга дзесяцігоддзя ўсё больш падзяляюць свет на два лагеры. Гэта датычыць як міждзяржаўных дачыненняў, так і ўнутранага развіцця асобных краін. Рызыкую наклікаць на сябе шматлікія папрокі, але прызнаюся ў сакраментальным жаданні растлумачыць гэта адвечнай прыродай нашага свету, які стварыў Госпад — змаганнем дабра і зла. Толькі ўсё глыбей і складаней. Бо нават Усявышняму, напэўна, цяжка разабрацца, калі прыкладам, адна частка кубінскага народу моліцца, прычым апантана, за здароўе Фідэля Кастра (у тым ліку мясцовая каталіцкая царква), а іншая складае просьбы за вызваленне ад саракагадовай тыраніі. Аналогіі можна знайсці і ў беларускай сітуацыі — у вачах многіх царкоўна-касцельных бабулек сённяшні рэжым атаясамліваецца з дабром, з іншага боку вернікі шматлікіх беларускіх канфесій просяць выбавіць краіну ад пошасці і зла. (У. Хільмановіч, Два берагі, фрагмэнт)