- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Мінску памёр народны пісьменнік Янка Брыль. Асабіста я не люблю такіх азначэнняў як „народны” — яны занадта дыскрэдытаваныя яшчэ за савецкім часам, але тут яно бадай да месца ва ўсіх cэнсах. Яшчэ зусім нядаўна іх было двух — волатаў беларускай прозы. Васіль Быкаў памёр у чэрвені 2003 года, Янка Брыль — сёлетнім спякотным ліпенем, не дажыўшы паўтары тыдня да свайго 89-годдзя. Некалькі класікаў беларускай паэзіі яшчэ жыве (дай Бог ім здароўя!), а вось апошні з магікан айчыннай прозы зышоў у іншы свет... Нарадзіўся Янка Брыль 4 жніўня ў Адэсе. Сям’я яго апынулася там таму, што бацька быў рабочым-чыгуначнікам. У Адэсе Брылі жылі з 1914 па 1922 год, пасля чаго вярнуліся ў родную вёску Загора на Навагрудчыне (цяпер у Карэліцкім раёне). Менавіта там на Міршчыне ўлетку праводзіў апошні час свайго жыцця Янка Брыль, вяртаючыся ў сталіцу толькі ў халодную пару года. Мяркуючы па выдаваных кніжках, плённа працаваў астатнія гады. (У. Хільмановіч, „Найбліжэйшы зверху”, фрагмэнт)