- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
„Мы стаялі ў чарзе па хлеб”, — спяваецца ў вельмі папулярнай песні, якую выконвае Кася Камоцкая. Чарга па хлеб — гэта найбольш яскравая прыкмета савецкага часу. Забеспячэнне насельніцтва хлебам заўсёды было генеральнай лініяй вялікіх і малых правадыроў. Адсюль і культ гэтага хлеба, узведзены ў ранг паганскай рэлігіі. Адсюль прымаўкі кшталту „Будзе хлеб — будзе і песня!” і бясконцыя бітвы за ўраджай. Чэргаў па хлеб зараз у Беларусі няма. Нават у вёскі, акрамя цэнтралізаванай сістэмы забеспячэння праз дзяржаўныя крамы, завозяць асноўны прадукт чалавецтва энергічныя прадпрымальнікі. Якасць чорнага хлеба таксама вырасла, па смаку хлеба Беларусь хіба на другім месцы ў свеце пасля Літвы. У Савецкім Саюзе дэфіцыт і чэргі былі на ўсё. Асабліва доўга звычайнаму чалавеку — простаму, смяротнаму, працоўнаму — даводзілася чакаць сваёй кватэры. Многія сем’і жылі ў інтэрнатах па дваццаць, а то і болей гадоў, перш чым атрымвалі запаветныя ключы ад цеснай „хрушчоўкі” ці „брэжнеўкі”. (У. Хільмановіч, Апошнія ў чарзе, фрагмэнт)