- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Разгарнуўшы днямі дзяржаўную газету „Звязда”, прачытаў я афіцыйны прэс-рэліз службы адміністрацыі асобы, імя якой згадваць хутка будзе дазволена толькі пры ўжыванні зацверджаных эпітэтаў. Чорным па беламу там было надрукавана, што неўзабаве будуць узнагароджаны лепшыя людзі краіны. Так і было напісана — не вядомыя, не выбітныя, нават не заслужаныя, а менавіта лепшыя людзі. Нібы спісана ў казачніка Яўгена Шварца. Як і з чаго лепяць „лепшых людзей краіны” добра вядома яшчэ з савецкіх часоў. Неяк у войску (было гэта ў сярэдзіне васьмідзесятых) прыехаў да нас у частку карэспандэнт вайсковай газеты „Во славу Родины”. Камандаванню „для карцінкі” трэба было выбраць лепшага салдата. А служыў у нашым узводзе сувязі ўнук аднаго героя-падпольніка. Хлопец быў добры, таварыскі, але ў фізічнай і радыёпадрыхтоўцы істотна адставаў ад іншых. Зразумела, што менавіта ён стаў лепшым на старонках „слаўнага” выдання. (У. Хільмановіч, Лепшыя людзі краіны, фрагмэнт)