- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Садку № 1, што знаходзіцца па вуліцы Ягайлы ў Гайнаўцы, з 2003 года арганізуюцца дадатковыя заняткі, у час якіх дзеткі знаёмяцца з традыцыямі і культурай сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. На спатканні з дашкольнікамі запрашаюцца людзі, якія ведаюць даўнія прафесіі і хатнія заняткі, з якімі большасць дзетак ужо не сутыкаецца нават у сваіх бабуль у вёсках. Дашкольнікі вучацца беларускім песням, даўнім дзіцячым гульням, танцам, прымаўкам і прыказкам на мове сваіх бацькоў, выступаюць перад публікай. Дзеткі прымаюць удзел у конкурсах і аглядах, дзе прэзентуюць беларускія песні, калядкі і вершыкі. Дадатковыя заняткі пачаліся з супрацоўніцтва гайнаўскага прадшколля з Садком № 14 у Беластоку і сталі вынікам рэалізаванага восем гадоў таму з дапамогай бацькоў і настаўніцкага калектыву праекта „У бок тоеснасці. Крок першы — прадшколле" пры дапамозе гранта ад Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Пасля штогод у Садку № 1 ладзіліся дадатковыя заняткі з ухілам на традыцыю і беларускую культуру, з выкарыстаннем уласных сродкаў і з актыўнай дапамогай бацькоў. Ініцыятарамі і галоўнымі арганізатарамі заняткаў сталі настаўніцы Міраслава Ніканчук і Ала Супрун. У першай палове гэтага года ў згаданым прадшколлі рэалізаваліся больш разнародныя заняткі ў рамках праекта „Дашкольнік з традыцыяй", да якога прыступіў таксама Садок № 5 у Гайнаўцы.