- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У гэтым годзе Гайнаўка ізноў стала адным з галоўных цэнтраў калядавання на Падляшшы, калі ўзяць пад увагу колькасць калядных мерапрыемстваў арганізаваных у гэтым прыпушчанскім горадзе, колькасць выканаўцаў калядных абрадаў на сцэне Гайнаўскага дома культуры, а таксама разнароднасць прэзентаваных калядак, абрадаў і даўніх святочных традыцый. На Фестывалі „Гайнаўскія сустрэчы з праваслаўнай калядкай”, які з 11 па 16 студзеня праходзіў у ГДК, выступілі 32 калектывы і хары, а ў іх каля 650 выканаўцаў. Сярод іх былі дашкольнікі і вучні, харысты праваслаўных прыходаў і калектывы культурных устаноў Гайнаўскага і Бельскага паветаў, а таксама госць — хор з Беларусі. Раней, у час асобнага мерапрыемства, калядкі спявалі гайнаўскія католікі, а 30 студзеня ў Гайнаўцы адбудуцца ХХVІ Ваяводскія сустрэчы калядных калектываў, у час якіх будуць выступаць, між іншым, нашы беларускія калектывы, якія раней праходзяць адбор да гэтага мерапрыемства.