- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Юбілей „Васілёчкаў”. Юбілей 45-годдзя дзейнасці Хор песні і танца „Васілёчкі” адсвяткаваў 14 лістапада ў вялікай кампаніі ў Бельскім доме культуры. На святкаванне былі запрошаны аркестр „Ліра” з Гродна, калектыў „Арляне”, былыя дырыжоры хору і шмат іншых знатных гасцей. На ўрачыстым мерапрыемстве з’явілася многа публікі з Бельска і наваколля, якая прыйшла паслухаць беларускіх песень у выкананні „Васілёчкаў” у суправаджэнні гродзенскага аркестра. Частку песень склалі творы, да якіх музыку напісаў вядомы гродзенскі кампазітар Яўген Петрашэвіч. Спецыяльна пад святочную вечарыну склаў ён словы і музыку песні „Запрашаем сябры, калі ласка”. Гэты твор упершыню прагучаў са сцэны ў час юбілею і вельмі спадабаўся публіцы, аб чым красамоўна пасведчылі бурныя і працяглыя апладысменты. — Вашы песні пачуццёва-кранальныя. Вы вярнулі мяне ў маладосць. Спяваеце творы, якія я чуў у дзяцінстве, — усхвалявана заявіў, праслязіўшыся, кампазітар Яўген Петрашэвіч, які горача павіншаваў „Васілёчкі”. — Добра, што выконваеце таксама мае песні. Гэта дар ад сэрца да сэрца.