- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
— У Грабарцы ёсць нейкая вышэйшая сіла, якая сюды прыцягвае, — гаворыць паломніца з Бельска-Падляшскага. — Духоўная атмасфера пануе не толькі падчас самога Спаса, але і падчас пілігрымкі, — дадае. — Грабарка гэта крыніца духоўнасці і хаця тут многа людзей, гэтае месца дае нагоду спазнаць духоўны спакой, — тлумачыць маладая дзяўчына, — і можа таму так шмат людзей прыязджае сюды з усяго Падляшша і усёй Польшчы. У гэтым годзе, як заўсёды, гара Грабарка на свята Праабражэння Гасподняга прыцягнула некалькі тысяч праваслаўных вернікаў з усяе Польшчы і замежжа. На „гару крыжоў” прыехалі і прыйшлі яны з сапраўды рознымі намерамі: хто падзякаваць Усявышняму, хто прасіць дапамогі ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Хаця штуршкі і прычыны розныя, мэта адна — Грабарка, найважнейшы праваслаўны санктуарый у Польшчы. (М. Сцепанюк, Грабарка — малітва і сіла, фрагмэнт)