- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Яшчэ ў мінулым годзе паявіліся чуткі аб намерах стварыць у будынку былой Падставовай школы ў Рыбалах музей, прысвечаны жыхарам сяла і навакольных вёсак. На першы погляд нічога незвычайнага ў такіх намерах не было, бо апошнім часам экспанаты сталі збіраць у многіх гмінах і размяшчаць іх у школьных залах і старых будынках. Пачалі паўставаць прыватныя калекцыі, напрыклад, у Новым Беразове, Ляўкове ці Скарышэве, дзе аматары даўніны здолелі сабраць шмат вартасных экспанатаў. Усе прыватныя аматары музейнай дзейнасці не скрываюць экспанатаў, але паказваюць іх наведвальнікам у сваіх рэгіянальных залах. Іх калекцыі — доказ беларускай культуры і традыцыі на Беласточчыне. Рыбалаўская ініцыятыва незвычайная па сваім маштабе, паколькі ў вялікім школьным будынку ў былых класных залах былі створаны экспазіцыі аб жыцці і працы перш за ўсё беларусаў Рыбалаўскага прыхода. Мне здаецца, што такой калекцыі няма ў іншых нашых музеях, а нават у Беларускім музеі ў Гайнаўцы, дзе мнагавата месца адводзіцца больш сучасным выстаўкам. Незвычайнае таксама і тое, што арганізацыяй і дзейнасцю музея заняліся святар з матушкай. Доктар тэалагічных навук, мітрафорны протаіерэй Рыгор Сасна пакорна кажа, што галоўным арганізатарам музея з’яўляецца матушка Антаніна Троц-Сасна, якая сваё сэрца ўклала ў музейную дзейнасць і апошнім часам многа часу праводзіла ў школьным будынку пры ладжанні экспазіцыі супольна з прыхаджанамі. (А. Мароз, Гонар і годнасць Рыбалаў, фрагмэнт)