- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Асфальтавая шаша — цуд цывілізацыі. Я ішоў такім шляхам у Нарву. Міналі мяне разагнаныя аўтамабілі, на здзіўленне, некаторыя з іх прыпыняліся і прапанавалі пад’ехаць з імі. Мілы гэта і бясцэнны жэст у час напышлівай спешкі і бяздушнасці! Я, аднак, не ішоў для чагосьці, кудысьці, кіравала мною толькі задавальненне ад бязмэтнай хады з прыёмным сабачкам. Без гадзінніка на руцэ. Без павадка для сабачкі. Без заклікаў і намоў. Вось чаму я адмаўляў ветлівым кіроўцам. Яны пакідалі мяне, паціснуўшы плячыма. Я бачыў слаўшыся за імі след ад раз’еханых вужак, слімакоў, рапух, жаб... Тут адразу я патлумачу, што я ў гэтым нікога не вінавачу, але, прайшоўшы прыкладна тры кіламетры, налічыў 65 трупкоў звычайных вужоў-«заскроньцаў». Кончылася мая асалода ад прагулкі. Я вярнуўся дахаты і замкнуўся ў ёй наглуха. Вядома, разам з сабачкам, моцна разгубленым такім паваротам падзей. Ну, а як я меў растлумачыць яму чаму?